Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў новым праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава і таксама Янку Купалу. Герой гэтага тэксту — Якуб Колас.

1. Стварыў «энцыклапедыю сялянскага жыцця»

У наш час такі выраз — найлепшая антырэклама для любога твора, як сучаснага, так і класічнага. Паэму «Новая зямля» сапраўды характарызуюць менавіта так. Але гэта не нагода скінуць яе з «карабля сучаснасці». І вось чаму.

25-гадовы Якуб Колас (справа) танчыць з невядомым хлопцам (магчыма, Алесь Гарун), 1907 год. Крыніца фота: facebook.com/haroshak.by
25-гадовы Якуб Колас (справа) танчыць з невядомым хлопцам (магчыма, Алесь Гарун), 1907 год. Крыніца фота: facebook.com/haroshak.by

Кажучы пра сялянскае жыццё, мы звыкла ўяўляем вёску, працу на двары і ў полі, хцівага памешчыка і няшчаснага селяніна. «Новая зямля» — твор іншы, нетыповы, напісаны «селянінам-аднаасобнікам».

Бацька Канстанціна Міцкевіча (Якуб Колас — яго псеўданім) працаваў лесніком ва ўладаннях аднаго з Радзівілаў. Сям’я часта пераязджала з месца на месца. У 1890 годзе, калі будучаму пісьменніку было восем, Міцкевічы перабраліся ў леснічоўку Альбуць (недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна, дзе нарадзіўся Колас). Там сям’я жыла наступныя 12 гадоў. Гасцей Альбуці сустракала хата, вялікі хлеў, гумно, павець з гаспадарчымі прыладамі. Дзякуючы гэтаму чытачы паэмы, дзе гэтае месца выведзена пад назвай Парэчча, могуць перанесціся ў тыповае сялянскае жыццё ХІХ-ХХ стагоддзяў — жыццё, пра якое цяпер можна даведацца хіба што ў музеях.

Альбуць. Леснічоўка, дзе жыў Якуб Колас. Фота: Валацуга, fgb.by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Альбуць. Леснічоўка, дзе жыў Якуб Колас. Фота: Валацуга, fgb.by, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

У той жа час Альбуць знаходзілася пасярод лесу — чым не рай для сучаснага даўншыфтэра, які выбірае жыццё на прыродзе? У тых рэаліях гэта азначала адносна аўтаномнае існаванне, далёкае як ад кансерватыўнай сялянскай абшчыны, так і ад царскай адміністрацыі (хоць літаратурнаму лесніку Міхалу часам і даводзіцца «здымаць шапку» перад начальствам).

У «Новай зямлі» няма звыклых для айчынных «вясковых» твораў нуды, жалю і скаргаў. Як піша літаратуразнаўца Міхась Мушынскі, «беларускі селянін паказаны не як пасіўная ахвяра эксплуататарскага ладу, неспрыяльных сацыяльных абставін і ўмоў, а як рэальная сіла гісторыі, як працаўнік з багатым унутраным светам, з неадольнай прагай волі, свабоды, з памкненнем мець уласную зямлю, быць яе гаспадаром». «Свая зямля» — гэта свабода, незалежнасць, і таму праца для герояў — «не праклён, а святы абавязак», які дапамагае дасягнуць гэтай незалежнасці.

«Іхная мара — чыста амерыканская: свой кут, свая зямля („вось што аснова!..“), на якой ты гаспадар, здаровая канкурэнцыя, сумленная праца за сумленныя грошы і магчымасць пакінуць прыдбанае нашчадкам. Астатняе прыкладзецца, бо „на пана хварэць“ ніхто не зьбіраецца», — дадае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Празаік і літаратуразнаўца Іван Навуменка звяртае ўвагу на істотны момант: пасада лесніка дазваляла Міхалу зарабляць дастаткова грошай, каб пракарміць вялікую сям’ю, не ведаючы асаблівай беднасці. Але герой думае не толькі пра матэрыяльнае, але і пра духоўнае — пра свабоду і незалежнасць. На думку Мушынскага, у Коласа ўласны дом становіцца абагульненым вобразам, сімвалам бацькаўшчыны, нацыянальнага дома і ўвасабляе ідэал аўтара паэмы пра паўнапраўнае жыццё народа ў родным краі.

Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч), 1911 год. Фота: commons.wikimedia.org
Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч), 1911 год. Фота: commons.wikimedia.org

Але ў «Новай зямлі» пануе не толькі гэтая тэма. Як піша Навуменка, «Новая зямля» — гэта яшчэ і «кніга аб бясхмарным дзяцінстве, аб адкрыцці свету, такога цудоўнага, загадкавага і таямнічага». Згодны з ім і Бахарэвіч: «Дзяцінства. Першы і апошні рай чалавека, у якім жывуць сыны і дочкі Міхала. Іншых не бывае. У гэтым раі кожны паход у лес ці на луг — як экспедыцыя сусветнага маштабу, у гэтым раі ўсе разумеюць мову кожнага, будзь тое чалавек, дрэва, воўк, тхор, кветка або баравік, у гэтым раі бацькі — багі, а дзядзька — святы Антоні, а самі дзеці — басаногія Адамы і Евы».

З якімі б цяжкасцямі ні сустракаліся героі, яны імкнуцца радавацца жыццю. «Пра тое, што ядуць сяляне ў „Новай зямлі“ Коласа, можна напісаць кнігу <…>. Як і пра тое, сярод якой дадзенай богам прыроднай раскошы яны жывуць: тут аўтар не шкадуе словаў і сам тоне ў іхнай бяздоннасці <…>. Карацей, што-што, а недаяданне героям „Новай зямлі“ не пагражала», — па-добраму іранізуе Бахарэвіч. Сапраўды, па словах Навуменкі, «Новая зямля» наскрозь прасякнута паэзіяй эпікурэйства (філасофія, згодна з якой асалода ад жыцця — найвышэйшая каштоўнасць).

Чуць міска ткнулася сюды,

Дык у яе, як па прыказу,

Відэльцаў з восем лезе зразу,

Гаворка моўкне, смех сціхае:

Цяпер мінуціна другая,

Бо ўсіх займае міска стравы;

Другія моманты, праявы —

Усе пафукваюць ды студзяць,

І верашчаку тую вудзяць,

І толькі чаўкаюць губамі

Ды зрэдку скрыгаюць зубамі,

Як бы на бераг тыя хвалі

У часе ветру наступалі.

Фрагмент з паэмы «Новая зямля»

Як трапна адзначыў Бахарэвіч, «Якуб Колас не стаў разменьвацца на дробязі і напісаў першую ў беларускай літаратуры Вялікую Паэму. <…> Гэты твор зрабіў тое, што раней беларускім пісьменнікам не надта ўдавалася — гаворачы выключна пра сваё, выказаць агульначалавечае».

Якуб Колас з жонкай Марыяй і сынам Данілам у час службы ў 162-м запасным пяхотным палку ў Пярмі, 1917 год. Фота: БДАМЛіМ
Якуб Колас з жонкай Марыяй і сынам Данілам у час службы ў 162-м запасным пяхотным палку ў Пярмі, 1917 год. Фота: БДАМЛіМ

2. Напісаў адзін твор двойчы

Другі славуты твор Якуба Коласа — паэма «Сымон-музыка». Міхась Мушынскі называе яе разам з «Новай зямлёй» дзвюма роўнавялікімі паэтычнымі вышынямі гэтага пісьменніка. У «Сымоне-музыку» перад чытачом разгортваецца драматычны лёс адоранага ад прыроды хлапчука, які марыў авалодаць прафесійным майстэрствам. Але на яго шляху паўстаюць розныя асобы, кожная з іх імкнецца выкарыстаць Сымона ў сваіх інтарэсах.

Паэму можна чытаць як сюжэтны твор пра падарожжы, пошукі і вандроўкі героя — але для статусу класікі гэтага недастаткова. Па словах Івана Навуменкі, вялікая сэнсавая нагрузка тут — нават больш, чым у «Новай зямлі» — прыпадае на лірычныя зачыны, устаўкі, філасофскія адступленні. «У паэме „Сымон-музыка“ мы маем погляд на паходжанне, узнікненне мастацтва, найбольш завершаны ў беларускай літаратуры. Вытокі мастацтва, паводле Коласа, у гармоніі прыгажосці навакольнага свету, які ўздзейнічае на чулую, як бы раскрытую насустрач гэтай гармоніі і прыгажосці, душу таленавітага чалавека», — адзначаў даследчык.

Якуб Колас. 1921 год. Фото: kolasmuseum.by, commons.wikimedia.org
Якуб Колас. 1921 год. Фота: kolasmuseum.by, commons.wikimedia.org

Колас працаваў над паэмай з 1911 да 1925 года з вялікім перапынкам з 1918 па 1924 год. У першым варыянце, створаным у дзясятыя, Сымон засынаў на магіле сваёй каханай Ганны «нечувана моцным сном».

«Ганна — увасабленне Беларусі. Колас у 1918 годзе, калі завяршалася паэма, не лічыў патрэбным дабраслаўляць той крывавы разбой, які адбываўся на нашай зямлі», — пісаў Мушынскі. Якраз тады наша зямля перажывала некалькі акупацый — нямецкую і бальшавіцкую. Апошнія растапталі толькі створаную Беларускую Народную Рэспубліку (БНР). «Пад Ганнай мелася на ўвазе Беларусь, якая была задушаная бальшавікамі, а Сымон-музыка — гэта паэт, які павінен несці слова. І калі Ганна загінула, ён засынае каля магілы каханай, а яна ўстае ў яве-сне, і адбываецца цудоўная размова паміж закаханымі сэрцамі», — тлумачыў Міхась Міцкевіч, малодшы сын Якуба Коласа.

Але ў дваццатыя гады ў БССР, створанай як альтэрнатыва БНР, пачала рэалізоўвацца палітыка беларусізацыі: прасоўванне беларускай мовы і культуры, вылучэнне нашых суайчыннікаў на дзяржаўныя пасады, перавод дзяржаўных устаноў на беларускую. Пад уплывам гэтага Колас узяўся за перапрацоўку твора. Канец стаў аптымістычны: Ганна і Сымон ідуць поруч у новае жыццё. Па словах сына Коласа, Мушынскі, які даследаваў паэму, казаў, што аўтар ўнёс каля паўтары тысячы правак і гэта проста два розныя творы.

Другая рэдакцыя «Сымона-музыкі» зведала цэнзуру. Напрыклад, адтуль выкраслілі радкі, якія асуджалі Рыжскі мір 1921-га, па выніках якога Варшава і Масква падзялілі Беларусь.

Родны край! Ты разарваны,
Паабапал ад мяжы
Лях ліхі, маскаль паганы
Моцна сьцягваюць гужы.

Каб з хаўтурнае майстэрні
Беларусу сшыць халат,
Ды ні пан, ні хам ня верне
Плынь гісторыі назад.

Фрагмент з паэмы «Сымон-музыка»

Героі «Сымона-музыкі» — адны з нешматлікіх персанажаў беларускай літаратуры, каму пастаўленыя помнікі. У 1972 годзе на плошчы Якуба Коласа з’явіўся помнік класіку, а побач з ім — дзве скульптурныя групы: адна — героі аповесці «Дзед Талаш», другая — Сымон і Ганна з «Сымона-музыкі».

Скульптурная кампазіцыя на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Фота: Валерий Дед, CC BY 3.0, commons.wikimedia.org
Скульптурная кампазіцыя на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Фота: Валерий Дед, CC BY 3.0, commons.wikimedia.org

3. Любіў родныя мясціны болей за Парыж і быў складанейшым, чым здаваўся

У трыццатыя гады — на піку савецкага таталітарызму — выехаць з Беларусі за мяжу было амаль немагчыма. Якуб Колас легальна абышоў гэтую забарону: у 1935-м яго адправілі ў Парыж на Міжнародны кангрэс пісьменнікаў у абарону культуры. Сярод іншых там удзельнічалі Генрых Ман, Леон Фейхтвангер, Бертальт Брэхт, у савецкай дэлегацыі — Барыс Пастарнак. Гэта, бадай, адзіны выпадак да Васіля Быкава, калі беларускі класік на ўласныя вочы бачыў і чуў — ды яшчэ за мяжой — еўрапейскіх літаратурных зорак першай велічыні. Але Коласа ні яны, ні сам кангрэс не зачапілі, і асаблівых згадак пра Парыж наш класік не пакінуў (хоць відавочна мог дазволіць сабе напісаць пра гэта хаця б пасля смерці Іосіфа Сталіна, бо той жа Брэхт лічыўся ў СССР цалкам прагрэсіўным пісьменнікам). Наадварот, ён пісаў у вершы, што Загібелька (мясціна на Пухаўшчыне, дзе Колас адпачываў у трыццатыя і саракавыя гады) падабаецца яму больш за Парыж.

Калі агледзіш хвайнякі

І гэты кут пазнаеш бліжай,

Збіраючы баравікі, —

То вывад я раблю такі:

Мне Загібелька лепш Парыжа.

Фрагмент верша Якуба Коласа «Загібелька»

У гэтым Колас быў абсалютна шчыры: яго традыцыяналізм праяўляўся як у жыцці, так і ў творчасці. Сімвалічна, што дзядзька Антось, адзін з герояў «Новай зямлі», успрымае Вільню — вялікі горад — чужой.

Як выйшаў дзядзька наш з вакзала,

Яму аж моташна нейк стала:

Такое пекла — шум страшэнны,

Застой паветра і дух дрэнны;

Народ таўчэцца каля конкі,

Па бруку бʼюць падковы звонка,

Грымяць павозкі, буды, колы,

Аж проста глушаць балаголы —

І гэта процьма ўсякіх зыкаў

Злілася ў гул адзін вялікі,

Дзе з непрывычкі вуху цяжка,

Дзе бʼюць па сэрцы яны важка.

Снуе народ, як на пажары,

Пад ім аж гнуцца тратуары.

Фрагмент з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля»

Некаторых айчынных аўтараў натхнялі гарады і вялікі свет, але з Коласам было іначай. Яго філасофія будзе блізкай жыхарам невялікіх гарадоў і тым, каго абцяжарвае імклівы сталічны кругабег жыцця і хто з вялікага горада марыць збегчы. Зноў жа — вось ён, такі актуальны сёння даўншыфтынг.

«Песні-жальбы» — першае паэтычнае выданне Якуба Коласа. Фота: gants-region.info
«Песні-жальбы» — першае паэтычнае выданне Якуба Коласа. Фота: gants-region.info

Зрэшты, у сваёй знешняй прастаце пісьменнік часта заваблівае чытачоў у пасткі. Вядомасць Коласу, сярод іншага, прынёс зборнік алегарычных апавяданняў «Казкі жыцця». Паводле сюжэту аднаго з іх, хмаркі, што ляцяць па небе, сцвярджаюць: «Сэнс жыцця — у вечным руху» — і, маўляў, затрымлівацца над высахлымі палямі немэтазгодна. І толькі адна пашкадавала поле і пралілася на яго дажджом.

«Каб зразумець, пра што гаворыцца ў гэтай прытчы, трэба ведаць, што падчас яе напісання паўсюль гучаў дэмагагічны лозунг: рухацца наперад, да светлай будучыні, у вечным пошуку, не надаючы значэння „дробязям“. Асобным лёсам, нават лёсам народаў», — тлумачыў Міхась Мушынскі.

А пад адным з твораў, па словах літаратуразнаўцы, аўтар паставіў дату «1913 год», хоць насамрэч твор з’явіўся ў 1921-м. «Маці-гара кажа сваёй дачцэ, крынічцы, што хутка пачнецца землятрус. І калі на шляху ўтворыцца завал, трэба аббегчы яго і вярнуцца ў роднае рэчышча, не ўлівацца ў іншыя рэкі. Інакш — пацячэш у іншы бок, страціш сябе. Якраз у 20-я гады ішла спрэчка пра тое, якой павінна быць будучыня Беларусі: ці ўваходзіць у СССР, ці будаваць нацыянальную дзяржаву. Яшчэ і палякі прад’яўлялі свае прэтэнзіі. Так што ў прытчы Коласа гаворка ідзе пра праблемы дзяржаўнага будаўніцтва. „Казкі жыцця“ — гэта, па сутнасці, дзённік інтэлектуала», — дадаваў Мушынскі.

4. Стаяў ля вытокаў беларускай навукі і Акадэміі

Вялікая навука і вялікая літаратура — цяжкасумяшчальныя рэчы. Выключэнні — накшталт італьянца Умберта Эка — толькі пацвярджаюць правіла. У Беларусі званне акадэмікаў мелі Пятро Глебка і Кандрат Крапіва, якія, аднак, безнадзейна папсавалі сваю рэпутацыю даносамі на калегаў. Ды і ў слоўніку пад рэдакцыяй апошняга, па словах Васіля Быкава, беларуская лексіка «амаль упадабнялася да расейскай, што, паводле задумы, павінна было працаваць на зліццё народаў у адну братнюю сям’ю». Больш удалым прыкладам сумяшчэння літаратуры з навукай была дзейнасць паспяховага ў савецкія часы пісьменніка і літаратуразнаўцы Івана Навуменкі. Але першым такую традыцыю заклаў менавіта Якуб Колас.

Якуб Колас. 1925 год. Фота апублікавана ў яго кнізе «Сымон-музыка» (Мінск, 1925), commons.wikimedia.org
Якуб Колас. 1925 год. Фота апублікавана ў яго кнізе «Сымон-музыка» (Мінск, 1925), commons.wikimedia.org

У 1921 годзе ў Мінску з’явілася Навукова-тэрмiналагiчная камiсiя. У 1922-м на яе аснове ствараецца Iнстытут беларускай культуры, а праз шэсць гадоў ужо на аснове апошняга — Акадэмія навук. Колас удзельнічаў у працы першай, быў супрацоўнікам другога, а ў трэцяй быў абраны акадэмікам і працаваў віцэ-прэзідэнтам. Апошнюю пасаду пісьменнік займаў да самай смерці. Дарэчы, гэта тлумачыць, чаму яго дом — цяпер там мемарыяльны музей — размешчаны за асноўным корпусам Акадэміі навук: так дабірацца да працы было надзвычай блізка.

Колас не быў «вясельным генералам», абраным на сімвалічную пасаду з-за яго вядомасці. Ён амаль тры дзесяцігоддзі:

  • непасрэдна ўдзельнічаў у выпрацоўцы стратэгіі развіцця Акадэміі (перш за ўсё ў гуманітарнай сферы) і адкрыцці новых даследчых спецыяльнасцяў;
  • займаўся кадрамі (у тым ліку асабіста запрасіў у Беларусь на сталую працу шэраг таленавітых вучоных);
  • рашуча абараняў прыярытэт фундаментальных даследаванняў у акадэміі (гаворка пра тэарэтычную навуку і эксперыментальную дзейнасць);
  • разам з калегамі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы слоўнікаў і мовазнаўчых прац (гаворка пра складанне айчыннай навуковай тэрмiналогii), рэдагаванні падручнікаў па гісторыі беларускай літаратуры;
  • сярод яго кніг — напісаная ў суаўтарстве «Методыка роднай мовы» (прычым у якасці аўтара ўказаны не Якуб Колас, а Канстанцін Міцкевіч);
  • на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу ў 1926-м быў адным з тых, хто прапаноўваў увесці ў БССР нароўні з кірыліцай лацінку (хоць і з агаворкай, што ён прынцыпова лічыць яе патрэбнай, але «гэта пытанне цяпер яшчэ не на чарзе нашага дня»).

Без Якуба Коласа беларуская навука не дасягнула б цяперашняга ўзроўню.

5. Ратаваў людзей ад рэпрэсій — і ўвасабляў пераемнасць з мінулым

У 1930-я гады ў Беларусь прыйшлі масавыя рэпрэсіі. Найбольш чэкісты ціснулі на Янку Купалу і Якуба Коласа як самых аўтарытэтных пісьменнікаў. Падпарадкаваць іх сабе для ўладаў было надзвычай прынцыповым, і ніякіх магчымасцяў супраціўляцца ім не пакінулі. Абодва вымушана пайшлі на здзелку з сумленнем: за іх подпісамі выйшлі пакаяльныя лісты. «Вырашыў напісаць, дакладней, за мяне вырашылі», — каментаваў гэта Колас аднаму са знаёмых.

Натуральна, тое адбілася на іх творчасці. Купала называў створаныя ім пасля таго вершы «дрындушкамі». У Коласа ўзровень новых твораў таксама саступаў папярэднім (напрыклад, аповесць «На ростанях», трэцяя частка аднайменнай трылогіі, была нашмат слабейшай за першую і другую).

Якуб Колас і дырэктар Батанічнага інстытуту АН БССР Васіль Купрэвіч падпісваюць Стакгольмскі заклік пра абсолютную забарону ядзернай зброі, 1950 год. Фота: БДАМЛіМ
Якуб Колас і дырэктар Батанічнага інстытуту Акадэміі навук БССР Васіль Купрэвіч падпісваюць Стакгольмскі заклік пра абсолютную забарону ядзернай зброі, 1950 год. Фота: БДАМЛіМ

Над пісьменнікамі гадамі вісела небяспека арышту. У лістападзе 1938-га кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка даслаў Сталіну, фактычна, прамы данос: маўляў, Саюз пісьменнікаў Беларусі вёў «найбольш буйную контррэвалюцыйную нацыяналістычную працу», а ідэйна ўзначальвалі яго «заўжды дзясятак прафашысцкіх пісьменнікаў (у тым ліку вядомыя Янка Купала і Якуб Колас)». Панамарэнка пісаў, што яны і яшчэ шасцёра літаратараў «безумоўна падлягаюць арышту і суду як ворагі народа». Ведаць пра тое Колас не мог, аднак небяспеку адчуваў. Тым жа 1938 годам датаваная наступная яго эпіграма:

Калі на з’ездзе ці на сходзе

К табе фатограф не ідзе,

Дык так і ведай: ты не ў модзе

І не патрэбен ты нідзе.

І думай, браце, аб бядзе.

Тады пісьменніку пашанцавала застацца на волі. Але як раней, так і пасля ён спрабаваў выратаваць іншых. Часта гэта не мела вынікаў, а здаралася, што ён адмаўляўся дапамагаць. Аднак у 1930-м Колас разам з іншымі змог выцягнуць сясцёр і маці Янкі Купалы, якіх ужо рыхтавалі да высылкі на Усход, у 1939-м — дапамог вызваліць пісьменніка Кузьму Чорнага. Настаўніку Івану Касяку, які зусім не быў яму блізкім сябрам, паэт у 1940-м параіў пры звароце ў НКУС дзеля перагляду справы сказаць, што Колас яго ведае і можа падтрымаць яго просьбу. Падчас вайны класік асабіста прасіў у Панамарэнкі за дырыжора і педагога Рыгора Шырму — і таго адпусцілі. Многім сем’ям Колас дапамагаў грашыма, хоць тое было небяспечна.

Для кантрасту — пазіцыя Кандрата Крапівы. Аднойчы Панамарэнка запрасіў яго на сустрэчу ў вузкім коле і паведаміў, што «ёсць магчымасць двух пісьменнікаў вярнуць з ссылкі (гэтакая разнарадка была)». «Як сядзелі, хай так і сядзяць», — адказаў драматург. На свабоду тады ніхто не выйшаў.

Якуб Колас сярод ячменя, што ўзышоў на прысядзібнай дзялянцы. Фота: Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч
Якуб Колас сярод ячменю, што ўзышоў на прысядзібнай дзялянцы. Фота: Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, архіў рэдакцыі

Колас жа да апошняга не пераставаў адстойваць тое, што было для яго прынцыпова. Нават за некалькі гадзін да смерці, у 1956-м, ён занёс партыйным чыноўнікам ліст аб крытычным стане беларускай мовы. Вось толькі некаторыя цытаты: «Установы сталіцы вывелі з абыходу беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі. <…> Акадэмія навук <…> не карыстаецца беларускаю моваю, не выдае на ёй работ, не праводзіць паседжанняў. <…> У вузах, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. <…> Калі беларускаю мовай загавораць міністры і іх шматлікія намеснікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове паседжанні, пісаць, дык можна мець пэўнасць, што справа пойдзе на лад». Усё гэта актуальна і сёння.

Пасля Другой сусветнай вайны аўтар «Новай зямлі» застаўся «апошнім з магікан» — адзіным беларускім пісьменнікам, які пачаў творчасць да рэвалюцыі. Менавіта ён увасабляў сабой пераемнасць са знішчанай падчас рэпрэсій літаратурай. У 1952-м Уладзімір Караткевіч, яшчэ студэнт, пісаў яму:

«У дзень Вашага сямідзесяцігоддзя дзякую Вам за тое, што Вы існуеце на зямлі <…>. Наўрад ці Вы самі ўяўляеце, як уяўляюць гэта Вашы чытачы, што Вы для Беларусі, чым бы мы з’яўляліся без Вас і Купалы. Купала быў моцны сваёй тугою па Радзіме, Вы — упэўненай верай у яе, спакойнаю любоўю да яе. <…> Тое, што Вы пасеялі, не знікне, і людзі, выхаваныя Вамі, цвёрдай хадой пойдуць па гэтым шляху і справы Вашай не згубяць».