Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Раніцай серады 29 верасня 1982 года 12-гадовая Мэры Келерман з чыкагскага прыгарада Элк-Гроўв-Віледж паскардзілася бацькам на насмарк і боль у горле. Тыя дазволілі ёй не ісці ў школу, а каб было лягчэй, сказалі выпіць парацэтамол. «Я пачуў, як яна зайшла ў лазенку, зачыніла дзверы, а потым — гук падзення», — успамінаў пазней яе бацька Дэніс. Пастукаўшы і не атрымаўшы адказу, ён адчыніў дзверы: дачка ляжала на падлозе без прытомнасці. Хуткая забрала яе ў бальніцу, але медыкі не змаглі нічога зрабіць. Мэры была першай з сямі жыхароў Чыкага і ваколіц, якія за некалькі дзён памруць ад нібыта звычайнага парацэтамолу — дакладней, тайленолу, як яго называюць у ЗША, дзе ён ёсць у кожным доме. Таблеткі былі атручаныя. Як гэта магло здарыцца? Справа прагрымела на ўсю краіну, па-сапраўднаму напалохала яе жыхароў, змяніла законы і правілы для фарміндустрыі. Яе называюць першым выпадкам унутранага тэрарызму ў ЗША.

Трое адным стрэлам

Мэры Келерман памерла ў бальніцы той самай раніцай. Медыкі запісалі ў дакументах «смерць ад нявысветленых прычын». Экспертызу прызначылі, але гэта была няхуткая справа.

Капсулы и банка тайленола времен чикагских отравлений. Кадр из фильма Netflix «Нераскрытое дело: Чикагский отравитель»
Капсулы і флакон тайленолу часоў чыкагскіх атручанняў. Кадр з фільма Netflix «Нераскрытая справа: Чыкагскі атручальнік»

Тым часам у іншым прыгарадзе Чыкага, Арлінгтан-Хайтс, 27-гадовы паштальён Адам Янус таксама застаўся дома з прастудай. Днём ён забраў чатырохгадовую дачку Касю з дзіцячага садка і па дарозе дадому заехаў у краму купіць пару дробязяў і кветкі жонцы Тэрэзе. Муж і жонка былі дзецьмі польскіх эмігрантаў, выраслі і пазнаёміліся ў Чыкага і цяпер выхоўвалі дваіх дзяцей.

Пасля абеду Адам паскардзіўся жонцы на галаўны боль і выпіў дзве капсулы тайленолу з бутэлечкі, якую прыхапіў у супермаркеце. І амаль адразу паваліўся на падлогу. Медыкі забралі яго ў бальніцу, але не змаглі выратаваць. Прычынай смерці, у адпаведнасці з прыкметамі, быў запісаны інфаркт, хоць паверыць у яго ў маладога здаровага мужчыны было складана.

Увечары ў доме памерлага сабраліся бацькі Адама, яго браты Джозэф і Стэнлі і жонка апошняга Тэрэза — таксама дачка польскіх эмігрантаў Яна і Хелены Тарасевічаў. 25-гадовы Стэнлі і 20-гадовая Тэрэза толькі тым летам згулялі вяселле і зусім нядаўна вярнуліся з мядовага месяца на Гаваях. Цяпер жа трэба было абмяркоўваць пахаванне. Усе былі забітыя горам. У маладых разбалелася галава — у Стэнлі яшчэ і спіна, — і яны выпілі па пары капсул з той жа бутэлечкі, што пакінуў на стале Адам. Першым упаў Стэнлі. Медыкі прыбылі амаль адразу і ўбачылі, як Тэрэза, што рыдала над мужам, сама страчвае прытомнасць. Стэнлі памёр у рэанімацыі ў той жа дзень, яго жонка — праз два дні.

На свадьбе Терезы Тарасевич и Стэнли Януса (они справа). Девочка снизу - Кася Янус. Выше стоит ее отец Адам Янус с младшим сыном Томом на руках и мать Тереза Янус. Фото: из семейного архива, wttw.com
На вяселлі Тэрэзы Тарасевіч і Стэнлі Януса (яны справа). Дзяўчынка ў ніжняй частцы кадра — Кася Янус. Вышэй стаіць яе бацька Адам Янус з малодшым сынам Томам на руках і маці Тэрэза Янус. Фота з сямейнага архіва, wttw.com

Пах міндалю

Адным з тых, хто прыбыў на месца, быў Чарльз Крамер, намеснік начальніка мясцовага аддзялення па надзвычайных сітуацыях, які прыязджаў і на першы выклік да Янусаў. Ён зразумеў, што нешта не так: у адным доме за адзін дзень трое маладых здаровых людзей паміраюць з аднолькавымі сімптомамі. Сям’ю забралі ў каранцін, а Крамер папрасіў раённую медсястру Хелен Дженсэн агледзець дом разам са следчым з офіса судмедэксперта.

У доме Янусаў быў поўны парадак, і нічога не выглядала як крыніца атручання. І тут Хелен заўважыла бутэлечку з тайленолам, якую, мяркуючы са знойдзенага ў сметніцы чэка, купілі ў той самы дзень. «У ёй не хапала шасці капсул, і тры чалавекі былі мёртвыя. Я сказала: „Гэта дакладна тайленол“», — расказвала потым медсястра мясцоваму выданню.

Вид на Чикаго с одного из небоскребов, 1974 год. Фото: commons.wikimedia.org
Від на Чыкага з аднаго з хмарачосаў, 1974 год. Фота: commons.wikimedia.org

Да яе версіі спачатку паставіліся скептычна, але неўзабаве стала ясна, што яна мае рацыю. Двое пажарных, якія дома слухалі перамовы па паліцэйскім радыё, заўважылі дзіўнае: два выклікі на адзін адрас — і ў абодвух фігуруе тайленол. У дадатак адзін з іх пачуў ад цешчы, што ў яе калегі раніцай памерла дачка — таксама прыняўшы гэты прэпарат. Пажарныя стэлефанаваліся з калегамі, пераканаліся, што тайленол усплывае ва ўсіх рапартах, і перадалі падазрэнні кіраўніцтву. Інфармацыя дайшла да намесніка галоўнага судмедэксперта акругі Эдмунда Донах’ю.

На ўказанне апошняга ўпакоўкі з тайленолам, забраныя ў дамах загінулых, адкрылі і панюхалі. Ад капсул ішоў характэрны міндальны водар — яго, дарэчы, адчувае толькі каля паловы людзей. Паднялі з ложка акруговага таксіколага. Аналізы пацвердзілі: унутры замест парацэтамолу — цыянід калію ў дозе, якая шматкроць перавышае смяротную. Ён забівае хутка, блакуючы здольнасць крыві пераносіць кісларод і тым самым душачы чалавека «знутры». Пры гэтым ён разбураецца ў арганізме за некалькі гадзін — слядоў рэчыва не застаецца.

Але пакуль усё гэта высвятлялася, яшчэ для трох чалавек стала занадта позна. Усе яны прынялі тайленол 29 верасня: 31-гадовая супрацоўніца салона тэлефоннай кампаніі Мэры Макфарланд, 27-гадовая Мэры Рэйнер, якая толькі тыдзень таму нарадзіла чацвёртае дзіця, і 35-гадовая бортправадніца Пола Прынс. Макфарланд і Рэйнер памерлі ў бальніцах на наступны дзень, а цела Прынс знайшлі ў яе кватэры праз два дні, калі яна не прыбыла для вылету ў чарговы рэйс. Сяброўка, што прыехала праверыць, чаму тая не бярэ трубку, даведалася ад паліцыі, што на вуснах Полы было столькі цыяніду, што ён мог забіць любога, хто паспрабаваў бы зрабіць ёй штучнае дыханне.

Погибшие: сверху - Адам Янус, Мэри Макфарланд, Мэри Рейнер, снизу - Мэри Келлерман, Пола Принс, Стэнли и Тереза Янус. Фото из семейных архивов, коллаж: Chicago Tribune
Загінулыя: зверху — Адам Янус, Мэры Макфарланд, Мэры Рэйнер, знізу — Мэры Келерман, Пола Прынс, Стэнлі і Тэрэза Янус. Фота з сямейных архіваў, калаж: Chicago Tribune

Паніка

Сем смерцяў здарыліся ў розных акругах Чыкага, таму агульная карціна стала ясная не адразу. Але ўжо раніцай улады правялі прэс-канферэнцыю і папярэдзілі жыхароў ні ў якім разе пакуль не прымаць тайленол.

Неўзабаве высветлілася: атручаныя бутэлечкі, набытыя ў розных крамах па ўсім горадзе, паходзілі з двух розных заводаў вытворцы. То-бок атрута трапіла ў капсулы не на заводзе, а ўжо на прылаўках. Паліцыя Чыкага распарадзілася прыбраць тайленол з крамаў. Але маштаб заставаўся незразумелы — нельга было выключаць, што тое самае здарылася і ў іншых гарадах.

Вид на Чикаго с самолета, 2005 год. Фото: commons.wikimedia.org
Від на Чыкага з самалёта, 2005 год. Фота: commons.wikimedia.org

У 1982 годзе безрэцэптурныя прэпараты ў ЗША толькі часам мелі ахоўную ўпакоўку, але ніякіх федэральных стандартаў і патрабаванняў з гэтай нагоды не было. Таму многія аптэчныя скрыначкі і бутэлечкі можна было ўскрыць без слядоў. Ніхто і падумаць не мог, што нехта выкарыстае гэта для забойства.

Тайленол, які быў у кожным доме, вырабляла McNeil Consumer Products — «дачка» фармацэўтычнага гіганта Johnson&Johnson. Калі пацвердзілася, што атрута трапіла ў капсулы не на вытворчасці (а тут яшчэ пачалі з’яўляцца пераймальнікі: жыхар Каліфорніі атруціўся тайленолам са стрыхнінам), кампанія абвясціла агульнанацыянальнае адкліканне ўсяго прэпарату ў капсульнай форме. Ён пачаўся 5 кастрычніка і стаў самым буйным спажывецкім адкліканнем у амерыканскай гісторыі на той момант: усяго канфіскавалі 31 млн бутэлечак на суму больш за 100 млн даляраў. Акрамя таго, Johnson&Johnson паабяцала 100 000 даляраў за інфармацыю, якая дапаможа злавіць атручальніка. Падчас адклікання на чыкагскіх прылаўках знайшлі яшчэ некалькі ўпаковак тайленолу з цыянідам, якія, на шчасце, не паспелі купіць.

Бюро судебно-медицинской экспертизы показало исследованные капсулы тайленола. В образце справа был обнаружен цианид. Фото: Chicago Tribune
Бюро судова-медыцынскай экспертызы паказала даследаваныя капсулы тайленолу. Ва ўзоры справа быў знойдзены цыянід. Фота: Chicago Tribune

Уся гэтая гісторыя ў першыя ж дні стала сенсацыяй нацыянальных і міжнародных навін. Вуліцамі Чыкага ездзілі паліцэйскія машыны з гучнагаварыцелямі, папярэджваючы жыхароў не прымаць тайленол. Валанцёры абыходзілі дамы, па тэлевізары круцілі аб’явы рухомым радком. Грамадства было жудасна перапалоханае. Званкі ад усхваляваных грамадзян на гарачую лінію Ілінойскага цэнтра па атрутах перавалілі за 800 за суткі пры звычайнай норме каля 50.

«Клянуся, у маім доме потым яшчэ пару гадоў не было ніякіх безрэцэптурных таблетак. Ні аспірыну, ні парацэтамолу. Я страціла веру ў чалавецтва. Я баялася даваць дзецям малако, бо на ім не было ахоўных накрывак, перажывала праз [пакетаваную] кашу. Я ўвесь час думала: калі нехта мог адкрыць флакон з таблеткамі і падсыпаць туды цыянід, што перашкаджае атруціць усю нашую ежу?» — прызнавалася бортправадніца Джоан Эрн, сяброўка памерлай Полы Прынс.

Да таго ж усё здарылася незадоўга да Хэлаўіна — і людзі баяліся, што дзецям, калі тыя будуць абыходзіць дамы, падсунуць прысмакі з атрутай. Продажы цукерак у той святочны сезон знізіліся на 20%. Дарэчы, гэты страх перад атручанымі хэлаўінскімі прысмакамі менавіта з таго часу ўвайшоў у масавую культуру і распоўзся па ўсім свеце. Але дагэтуль адзіны такі выпадак у ЗША — гэта калі хлопчыка ў Тэхасе забіў цукеркай уласны бацька, каб атрымаць выплату па страхоўцы.

Хімік-аматар

Да скандальнай справы падключыліся пракурор штата Ілінойс (у ім знаходзіцца Чыкага), ФБР, Упраўленне па кантролі за прадуктамі і лекамі (FDA) і іншыя структуры. Следчая група налічвала больш за сто чалавек, паступалі тысячы званкоў з наводкамі — але амаль усе пустышкі, сур’ёзных доказаў не было.

Першым падазраваным стаў Роджэр Арнальд, кладаўшчык сеткі крамаў, дзе купілі два з атручаных флаконаў (тамсама працаваў бацька загінулай Мэры Рэйнер). Былы вайсковец і сірата, ён нядаўна развёўся (жонка, з яе словаў, сышла праз жорсткае абыходжанне з яго боку) і быў псіхалагічна зламаны. Бармен адной з установаў паведаміў паліцыі, што Роджэр нападпітку нібыта выхваляўся, што працуе над нейкім «праектам», што ў яго ёсць белы парашок, якім можна забіваць людзей без следу.

Мужчыну затрымалі. На допыце ён патлумачыў: купіў цыянід для хімічных эксперыментаў, але тры месяцы таму выкінуў ад граху далей, бо жонка пакутавала на псіхічны разлад. Датычнасць да забойстваў Арнальд адмаўляў. Але яго спакойныя паводзіны выклікалі ў следчых падазрэнне, асабліва калі ён паразважаў пра тое, як лёгка было б адкрыць капсулы і напоўніць іх цыянідам. Арнальд без праблем пагадзіўся на ператрус у яго дома, не чакаючы ордара. Там знайшлі незарэгістраваныя пісталеты, лабараторнае абсталяванне, літаратуру радыкальнага толку па вытворчасці выбухоўкі, наркотыкаў і атрут, у тым ліку кнігу «Джэймс Бонд для бедных» з інструкцыяй па вырабе цыяніду калію і парадай правяраць самаробную атруту, падклаўшы яе «ў аптэчку ворага ў капсулах». Быў і пакет з белым парашком — праўда, гэта аказаўся не цыянід, а толькі карбанат калію (зрэшты, менавіта ў яго ператвараецца цыянід, калі доўга ляжыць на вільготным паветры).

Вещи, изъятые дома у Роджера Арнольда. Фото: Chicago Tribune
Рэчы, знойдзеныя дома ў Роджэра Арнальда. Фота: Chicago Tribune

Чыкагскія дэтэктывы Чарльз Форд і Джэймс Гілдэа ўпэўненыя дагэтуль: забойца — менавіта Арнальд. У яго былі магчымасці, веды, ён сабраў усе «чырвоныя сцягі» — плюс меў білет у Тайланд ў адзін канец на 15 кастрычніка (раней ён лётаў туды забаўляцца). Але непасрэдных доказаў не было, атручаныя флаконы праз яго склад не праходзілі, матыў заставаўся цьмяным, нават яго знаёмыя і былая жонка не верылі, што ён здольны на такое. Дэтэктывы разлічвалі на прызнанне і наладжвалі кантакт з затрыманым — але пакуль афармлялі рэчдокі з ператрусу, калегі па следчай групе пачалі допыт без іх. Давер быў разбураны, Арнальд у выніку запатрабаваў адваката — шанец быў страчаны.

Члены следственной группы, 2 декабря 1982 года. Фото: Chicago History Museum
Удзельнікі следчай групы, 2 снежня 1982 года. Фота: Chicago History Museum

Роджэру Арнальду выставілі дробныя абвінавачанні ў незаконным захоўванні зброі і адпусцілі да суда пад заклад. Але нехта зліў у прэсу яго асабістыя звесткі, і з таго часу фота мужчыны не знікала з палос чыкагскіх газет, якія называлі яго няйначай як «галоўны падазраваны ў забойствах з тайленолам» і раскапалі ўсю яго брудную бялізну. Пачалося цкаванне, жыццё Роджэра стала пеклам, ён запаў у дэпрэсію, запіў, і ўся яго злосць скіравалася на бармена, які яго здаў (што гэта быў ён, Роджэр даведаўся праз недагляд паліцэйскіх). Нарэшце ў чэрвені 1983 года Арнальд вырашыў застрэліць таго каля бара. Але зблытаў з іншым, вельмі падобным да бармена выпадковым чалавекам. Кулю ў сэрца атрымаў праграміст Джон Станіша, бацька траіх дзяцей. Фактычна ён стаў восьмай ахвярай гісторыі з тайленолам.

Роджэра затрымалі. Даведаўшыся, што застрэліў не таго, ён расплакаўся і падпісаў прызнанне ў гэтым забойстве. На судзе Арнольд шчыра раскайваўся і прасіў прабачэння ў сям'і Станішы. Яму далі 30 гадоў турмы з правам на датэрміновае вызваленне пасля 15 гадоў.

Роджер Арнольд (в центре) после суда за хранение оружия, ноябрь 1982 года. Фото: Chicago Tribune
Роджэр Арнальд (у цэнтры) пасля суда за захоўванне зброі, лістапад 1982 года. Фота: Chicago Tribune

Потым здарылася яшчэ адна рэч, праз якую чыкагская паліцыя дагэтуль упэўненая, што Роджэр Арнальд быў тайленолавым забойцам. Яго адвакат выйшаў на кантакт са следчым па справе Станішы і сказаў, што, калі апеляцыя кліента (відаць, пра паслабленне або адмену прысуду) нічога не дасць, той будзе гатовы нешта расказаць па справе пра атручанні ў Чыкага.

«Навошта чакаць канца апеляцый? Калі ў вас ёсць інфармацыя, якая можа дапамагчы, навошта чакаць, пакуль вы пераканаецеся, што ваш іншы прысуд па справе пра забойства не будзе адменены? Вы б не чакалі, калі б атручанні здзейснілі не вы», — разважаў следчы Філіп Мэніян.

Аднак федэральнае кіраўніцтва следчай групы адмовілася займацца Арнальдам далей, катэгарычна заявіўшы, што злачынец «усё роўна не ён». Неўзабаве чыкагскія паліцэйскія даведаліся, што ў ФБР ужо знайшоўся іншы падазраваны, у якога тыя «верылі» значна больш і на якога даўно пераключылі ўсе свае высілкі.

Ліст на мільён

6 кастрычніка 1982 года ў штаб-кватэру Johnson&Johnson прыйшоў ліст. «Спадарства, як бачыце, лёгка змясціць цыянід — як калійны, так і натрыевы — у капсулы, што ляжаць на паліцах крамаў. А паколькі ён унутры капсул, лёгка змусіць пакупнікоў яго праглынуць. <…> Пакуль я выдаткаваў менш за 50 даляраў, і гэта заняло ў мяне менш за дзесяць хвілін на флакон», — паведамляў аўтар, які падпісаўся як «Роберт Рычардсан». Для спынення забойстваў ён патрабаваў ад кампаніі перавесці мільён даляраў на банкаўскі рахунак. Падобны ліст з пагрозамі пайшоў прэзідэнту Рональду Рэйгану.

Письмо в Johnson&Johnson. Фото: National Archives / Public Domain
Ліст у Johnson&Johnson. Фота: National Archives / Public Domain

На канвертах знайшлі штэмпель закрытага чыкагскага турагенцтва — з ім жа быў звязаны банкаўскі рахунак. Так выйшлі на бухгалтара Джэймса Льюіса, мужа былой супрацоўніцы гэтага агенцтва. Той, як і Арнальд, быў сіратой, але, у адрозненне ад яго, меў праблемы з законам. У 1978 годзе ў Канзасе яго абвінавацілі ў забойстве былога кліента бухгалтарскага агенцтва, якое той вёў разам з жонкай: расчлянёнае і раскладзенае цела 72-гадовага мужчыны знайшлі на гарышчы яго ж дома ў той самы дзень, калі Льюіс спрабаваў абнаяўніць падроблены чэк на яго імя. Аднак абвінавачанні давялося зняць, бо паліцыя груба парушыла працэдуру, не зачытаўшы Льюісу правоў падчас затрымання, а іншых доказаў датычнасці не хапала. Пазней мужчына фігураваў у шэрагу крымінальных справаў пра махлярства.

Место преступления в Канзасе. Вырезка из газеты Kansas City Times
Месца злачынства ў Канзасе. Выразка з газеты Kansas City Times

Льюіс уцёк разам з жонкай, але працягваў пісаць лісты ў прэсу. Яго абвясцілі ў вышук і ўрэшце ў снежні затрымалі ў нью-ёркскай бібліятэцы, куды ён прыходзіў чытаць адну з чыкагскіх газет.

Аднак прыцягнуць Льюіса за забойства тайленолам не выйшла. Следства не змагло даказаць, што ён наогул быў у Чыкага ў перыяд, калі лекі маглі быць атручаныя: сям’я пераехала ў Нью-Ёрк за некалькі тыдняў да забойстваў. Сам мужчына адмаўляў сваю датычнасць. А вось у шантажы Johnson&Johnson прызнаўся — але запэўніваў, што проста хацеў падставіць былога працадаўцу жонкі: тое турагенцтва збанкрутавала і звольніла яе, не выдаўшы заробку.

Джеймс Льюис, снимок при аресте 13 декабря 1982 года. Фото: National Archives / Public Domain
Джэймс Льюіс, здымак пасля арышту 13 снежня 1982 года. Фота: National Archives / Public Domain

Асудзіць Льюіса змаглі толькі за вымагальніцтва. З улікам тэрміну за махлярства ён атрымаў 20 гадоў і адседзеў 13. Увесь гэты час паводзіў сябе дзіўна — не раз прапаноўваў дапамогу следству, разважаў пра дзеянні гіпатэтычнага атручальніка, нават маляваў схемы, як можна было напоўніць капсулы цыянідам. Паводле паліцыі, Льюісу падабалася ўвага і флёр такой вялікай справы за ім.

Один из рисунков Льюиса о том, как подменить содержимое капсул. Фото: National Archives / Public Domain
Адзін з малюнкаў Льюіса пра тое, як падмяніць змесціва капсул. Фота: National Archives / Public Domain

У 1995-м Льюіс вызваліўся. У 2004-м яго затрымалі па абвінавачанні ў выкраданні і згвалтаванні і тры гады следства трымалі за кратамі. Але ў выніку праз адмову ахвяры даваць паказанні абвінавачанні знялі.

У 2006-м справу пра атручванні аднавілі: усплылі новыя дэталі — у прыватнасці, яшчэ ў 1982-м у Льюіса дома знайшлі кнігу пра атруты з яго адбіткамі на старонках пра цыянід. У 2007-м удалося дакладна высветліць дату адпраўкі яго ліста Johnson&Johnson — 1 кастрычніка. Але ўсе гады да таго ён шмат разоў казаў следству, што пісаў ліст тры дні — а значыць, пачаў яшчэ 29 верасня, калі нават медыкі яшчэ не ведалі, што рэч у цыянідзе. Калі на допыце яго спыталі пра гэта, павісла паўза. «Так, я 25 гадоў казаў сабе, што працаваў над лістом тры дні, але цяпер бачу, што гэта немагчыма», — вось і ўсё, што тады сказаў Льюіс. Акрамя таго, высветлілася, што ў размове з адным прыяцелем (журналісты Chicago Tribune пераканаліся ў дакладнасці) Льюіс згадваў, што быў у Нью-Ёрку, калі пачаліся забойствы, і спецыяльна з’яўляўся пад камерамі назірання, каб забяспечыць сабе алібі. Але непасрэдных доказаў супраць яго ўсё яшчэ не было.

У 2010-м у Льюіса ўзялі ўзор ДНК. Эксгумавалі і памерлага ў 2008-м Арнальда. Новыя тэхналогіі дазволілі параўнаць іх ДНК з той, што належала меркаванаму злачынцу: яе знайшлі ў трох флаконах з атручаным цыянідам. Аднак ДНК ні Льюіса, ні Арнальда, ні каго-небудзь яшчэ не супала з узорам.

Пазней следчыя зноў дапытвалі Джэймса Льюіса, але да моманту яго смерці ў 2023 годзе так і не з’явілася пераканаўчых доказаў яго датычнасці да забойстваў. Няма іх дагэтуль.

«Я б нікому не нашкодзіў»

Перад смерцю 76-гадовы Льюіс паспеў даць сваё першае і апошняе інтэрв'ю — для трохсерыйнага дакументальнага фільма Netflix «Нераскрытая справа: Чыкагскі атручальнік» (2025). Стваральнікі затрацілі амаль год, каб яго ўгаварыць. У адной са сцэн мужчына бярэ ў рукі флакон сучаснага тайленолу, саркастычна пытае: «Думаеце, я адкрыю яе і пакіну свае адбіткі?» — і з ухмылкай пачынае здзіраць ахоўную плёнку. «Я б нікому не нашкодзіў», — кажа ён, пасмейваючыся, у канцы першай серыі.

Джеймс Льюис в документальном фильме. Фото: Netflix.
Джэймс Льюіс у дакументальным фільме. Фота: Netflix

Фільм прыадкрыў магчымы матыў Льюіса — помсту. У апошнія гады следства высветліла, што яго дачка Тоні мела парок сэрца і памерла ў пяць гадоў ад разрыву швоў, накладзеных падчас аперацыі, а ніткі для іх зрабіла Ethicon — даччыная кампанія Johnson&Johnson. Трагедыя здарылася ў 1974-м — за восем гадоў да атручанняў. У фільме Льюіс кажа: ліст з патрабаваннем мільёна ён пісаў у стане глыбокага гора менавіта праз гібель дачкі.

«Ці думаю я, што Джэймс Льюіс быў датычны да забойстваў? Так, думаю. І кіраўнік ФБР у той час — я не магу гаварыць за яго, але, думаю, ён лічыў гэтак жа, як і я, — прызнаваўся былы генпракурор штата Ілінойс Тайран Фейнер. — Але мы так і не змаглі даказаць, што Льюіс быў у патрэбны час у патрэбным месцы».

«Джэймс Льюіс быў мярзотнікам, але ён не быў тайленолавым забойцам», — лічыць былы начальнік паліцыі Чыкага Рычард Бжэчак.

Аднак хто ж ім быў, так і не высветлілі. Бацькі Адама і Стэнлі Янусаў гадамі хадзілі на іх магілу амаль кожны дзень і гадзінамі сядзелі там у слязах. Яны памерлі, не даведаўшыся, хто забіў іх дзяцей і нявестку. Іх старэйшы сын Джозэф спадзяваўся, што хаця б ён даведаецца праўду да сваёй смерці, але таксама не паспеў.

Родители Терезы Янус, Ян и Хелена Тарасевич, во время поминальной службы по своей дочери в католической церкви Святого Гиацинта. Фото: Chicago Tribune
Бацькі Тэрэзы Янус, Ян і Хелена Тарасевічы, падчас памінальнай службы па сваёй дачцэ ў каталіцкай царкве Святога Гіяцынта. Фота: Chicago Tribune

Наступствы

Johnson&Johnson спачатку давялося цяжка. Тайленол быў іх ключавым прадуктам, і пасля скандалу доля кампаніі на рынку абязбольвальных абрынулася з 37% да 7−8%. «Я магу з упэўненасцю сказаць, што праз год вы больш не ўбачыце назвы Tylenol, — заявіў тады вядомы нью-ёркскі рэкламшчык Джэры Дэла Феміна. — Калі знойдзецца спецыяліст па рэкламе, які зможа вырашыць гэтую праблему, я захачу яго наняць, таму што тады я папрашу яго ператварыць наш кулер для вады ў вінны халадзільнік».

Ён памыліўся. Ужо праз 43 дні, у лістападзе, тайленол вярнуўся на прылаўкі са зніжанай цаной і ў новай бяспечнай упакоўцы: залепленая скрынка, пластыкавая плёнка над вечкам і фольга пад ёй — адразу тры бар’еры, якія нельга было ўскрыць незаўважна. Гэта стала галіновым стандартам.

Пазней, у 1984-м, Johnson&Johnson пачала выпускаць лекі ў інавацыйнай тады форме «каплет» — цвёрдых даўгаватых таблетак, падобных да капсул. Такія ўжо немагчыма ўскрыць і напоўніць зноў (неўзабаве на іх пачалі пераходзіць і іншыя вытворцы). У выніку ўжо праз год пасля скандалу тайленол вярнуў сабе лідарства і 30% рынку анальгетыкаў (а рэкламшчыку Феміне даслалі кулер для вады з віном унутры). У дадатак кампанія пайшла на пагадненне з сем’ямі чыкагскіх ахвяр і выплаціла ім неназваныя сумы, хоць і не была вінаватая ў смерцях. Дзеянні Johnson&Johnson дагэтуль лічацца узорным прыкладам антыкрызіснага менеджменту.

Штаб-квартира компании Johnson & Johnson в Нью-Брансуике, штат Нью-Джерси, США. Фото: commons.wikimedia.org
Штаб-кватэра кампаніі Johnson&Johnson у Нью-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі, ЗША. Фота: commons.wikimedia.org

У 1983 годзе Кангрэс прыняў Федэральны закон пра барацьбу з фальсіфікацыяй прадукцыі, які зрабіў псаванне спажывецкіх тавараў федэральным крымінальным злачынствам. Першай асуджанай стала Стэла Нікел са штата Вашынгтон: у 1986 годзе яна падмяшала цыянід у капсулы экседрыну (гэта аналаг нашага цытрамону), каб замаскаваць забойства мужа пад выпадковае атручанне. Але памёр не толькі муж, а і выпадковая жанчына, якая таксама купіла атручаныя таблеткі. Нікел атрымала два тэрміны па 90 гадоў.

На той час многія вытворцы лекаў і ежы ўжо стараліся выкарыстоўваць ахоўную ўпакоўку. У 1989 годзе FDA ўвяло абавязковыя стандарты такой упакоўкі для ўсіх спажывецкіх прадуктаў.

Чытайце таксама