Эканамічныя паказчыкі Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка на нарадзе ў Палацы незалежнасці.
Палітык адзначыў, што прадпрыемства дагэтуль так і не выйшла на поўную загрузку магутнасцяў біяхімічнай і камбікормавай вытворчасцяў, мэтавыя паказчыкі вытворчай праграмы не дасягнутыя, захоўваецца востры дэфіцыт абаротных сродкаў.
— Што ў гэтай сітуацыі робіць кіраўніцтва? Ідзе звыклым шляхам: з выцягнутай рукой па дадатковую дзяржаўную падтрымку. Нагадваю каторы раз: на гэта грошай у бюджэце няма і не будзе. Сродкі выдзяляюцца на час і з абавязковым вяртаннем. Гэта я для тых, хто яшчэ не зразумеў, — заявіў Лукашэнка.
Ён дадаў, што дзяржава ўжо істотна падтрымала карпарацыю:
— Гэта і прэферэнцыі ў выплаце падаткаў, і гарантыі ўрада па крэдытах, і асаблівы парадак адлюстравання курсавых розніц. У статутны фонд прадпрыемства ўнеслі бюджэтныя сродкі ў памеры 226 млн рублёў. Толькі льготных урадавых крэдытаў Кітайскай Народнай Рэспублікі прыцягнулі каля 600 млн даляраў, — заявіў Лукашэнка.
Такім чынам, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, для паспяховага старту і нармальнага развіцця БНБК было зроблена «ўсё і нават больш», але прадстаўленыя яму матэрыялы сведчаць, што «вынікаў, на жаль, няма».
— Хоць заробак атрымліваеце спраўна, амаль на 16% вышэйшы за сярэднеабласны ўзровень, — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што адзінае, у чым прырасла БНБК, — гэта геаграфія экспартных паставак.
Палітык падкрэсліў, што «ліміт падтрымкі гэтага прадпрыемства за кошт бюджэту даўно вычарпаны».
Нагадаем, БНБК з пачатку 2024 года перайшла пад кантроль дзяржавы, якой стала належаць 77% яе акцый.
У сакавіку 2026 года стала вядома, што Савет міністраў падрыхтаваў пастанову «Пра фінансаванне». У дакуменце, падпісаным прэм’ерам Аляксандрам Турчыным, чатыры пункты былі са спецыяльнай пазнакай «Для службовага карыстання». Аднак з астатняй часткі зразумела, што ўлады распарадзіліся даць БНБК як мінімум два крэдыты. Персанальную адказнасць за іх вяртанне ўсклалі на гендырэктара арганізацыі, міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама віцэ-прэм'ера, які курыруе пытанні аграпрамысловага комплексу.
Што за БНБК?
Праект Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі з’явіўся ў 2016 годзе, з 2021 года вытворчасць працавала «ў рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі», афіцыйна яе запусцілі ў лістападзе 2022-га. Карпарацыя вырабляе камбікармы і прэміксы для жывёл, а таксама амінакіслоты.
БНБК атрымлівала ад дзяржавы шматлікія прэферэнцыі. Кампаніі аддалі зямельны ўчастак плошчай 160,05 гектара ў арэнду тэрмінам на 99 гадоў без аўкцыёну, вызвалілі яе ад мытных пошлін і ПДВ на ўвоз сыравіны і абсталявання. Для карпарацыі ўвялі таксама спецтарыф на газ. Крэдыт на будаўніцтва БНБК (на той момант прыватнай кампаніі) на суму каля 610 млн даляраў выдалі пад гарантыі беларускага ўрада.
Лукашэнка шмат разоў хваліў праект і асабіста прысутнічаў на яго запуску. «Такой вытворчасцю валодаюць адзінкі краін: усяго чатыры краіны, і сярод іх — Беларусь. Гэта больш чым космас. Космасам мы з савецкіх часоў займаемся, а гэта — зусім новая вытворчасць», — казаў ён у 2020 годзе.
Аднак, мяркуючы з усяго, раскруціць вытворчасць не атрымалася, і карпарацыя сутыкнулася з сур’ёзнымі фінансавымі цяжкасцямі. Паводле інфармацыі BELPOL, у 2022 годзе выпусцілі прадукцыі ў два разы менш за запланаванае — 260 тыс. тон замест 480 тыс. тон. Выручка ад рэалізацыі склала 40% ад плана — 160 млн даляраў замест 400 млн даляраў. У 2023 годзе кіраўніцтва карпарацыі прыняло рашэнне знізіць гадавы план з 600 тыс. да 340 тыс. тон.
У 2024 годзе лепш не стала: у БНБК таксама пачаліся праблемы з разлікамі за спажытыя прыродны газ, электрычную і цеплавую энергію. А ў жніўні гэтага года ўрад даў гарантыі «Беларусбанку» па яе крэдытах. Мэта і сума аднаго з крэдытаў у дакуменце засакрэчаная. Другую пазыку на 15,3 млн рублёў ўзялі на набыццё «прадукцыі раслінаводства».




