Мацярынства часта патрабуе ад жанчыны паставіць жыццё на паўзу, асабліва ў першыя гады жыцця дзіцяці. Калі ж яно падрастае і ідзе ў дзіцячы садок, здаецца, што можна вярнуцца да сябе ранейшай: выйсці на працу, успомніць пра свае захапленні. Але на практыцы гэта аказваецца нашмат складаней, бо не заўсёды абставіны складваюцца так, як хацелася б. Такой сваёй гісторыяй з «Люстэркам» падзялілася беларуска Алеся. Яна, ужо маючы дваіх дзяцей, у 35 гадоў зноў пайшла ў дэкрэт — і цяпер толькі спадзяецца, што неўзабаве атрымаецца нарэшце «пачаць жыць».
Усе імёны ў тэксце змененыя.
«Я спадзявалася, што ён адумаецца»
Свайго першынца 37-гадовая Алеся нарадзіла ў 23 гады. Як прызнаецца жанчына, дзіця не было запланаваным і яе першы шлюб хутчэй быў «па залёце, чым па каханні».
— Калі я зацяжарала, мы былі знаёмыя з Ягорам усяго тры месяцы. З вяселлем цягнуць не сталі і амаль адразу распісаліся, каб дачка нарадзілася ўжо ў шлюбе. Тады ж я ўзяла акадэмічны адпачынак ва ўніверсітэце. Я акурат скончыла трэці курс: паступіла на завочку і пазней за аднагодкаў праз тое, што пасля школы нейкі час працавала ў Маскве, — расказвае Алеся. — Да вяселля я асабліва не паспела пазнаць Ягора, і мяне чакаў «сюрпрыз»: муж аказаўся запойным. Звычайна тры-чатыры месяцы ён мог спакойна пратрымацца без выпіўкі, але потым зрываўся і выпадаў з жыцця на тыдзень ці два. За гэты час яго, вядома, звальнялі, а ён толькі працягваў піць.
Змірыцца з такім становішчам было цяжка, і Алеся рэгулярна лаялася з мужам, спрабуючы «паставіць яму мазгі на месца». Аднак з кожным новым эпізодам запою Ягору ўсё больш не падабалася, што «яго адчытваюць», і ён пачаў падымаць руку на цяжарную жонку. Сысці ж было не так проста: Алеся пазнаёмілася з мужам у Маскве — там і засталася жыць.
— Калі Ягор цверазеў, мы неяк мірыліся, бо я спадзявалася, што ён адумаецца. Потым нарадзілася дачка, але нічога не спынілася. І калі малой было тры месяцы, я ўсё ж сышла ад яго і вярнулася ў пасёлак, адкуль родам, — расказвае Алеся. — Мама нас прыняла, але, каб усім нам было на што жыць, яна з’ехала на заробкі, таксама ў Расію. На мне засталася гаспадарка, агарод і яшчэ сястра-школьніца. Хоць працы было шмат, мне нават падабалася ціхае жыццё, поўнае клопатаў.
З мужам Алеся не стала разводзіцца. Яна «не была гатовая да растання так хутка пасля вяселля» і думала, што ў адносінах яшчэ можа ўсё наладзіцца. Ягор у сваю чаргу абяцаў змяніцца, «пастаянна ўгаворваў вярнуцца, прыязджаў у госці з падарункамі». Праз год муж і жонка зноў пачалі жыць разам.
— Тады я і зацяжарала другім дзіцем — гэта зноў была выпадковасць, але я шчыра верыла, што людзі могуць мяняцца, таму не думала рабіць аборт і спадзявалася на выпраўленне Ягора, — прызнаецца жанчына. — Але, на жаль, яго ненадоўга хапіла, і на трэцім месяцы цяжарнасці я сышла ад яго ўжо канчаткова.
«Мне вельмі хацелася нарэшце адчуць сябе не толькі маці»
У 26 гадоў Алеся зноў вярнулася ў бацькоўскі дом. Пасля нараджэння сына яна вырашыла, што ўсё ж хоча атрымаць вышэйшую адукацыю. І, калі дзіцяці споўнілася паўтара, аднавілася на завочным аддзяленні, неўзабаве атрымаўшы дыплом.
— Жыць дома мне падабалася. Можна было пастаянна быць з дзецьмі на дварэ, дыхаць свежым паветрам. У той жа час я разумела, што на заробак, на які можна разлічваць у пасёлку, мы проста не пражывём, — успамінае Алеся. — Мне ж трэба было гадаваць дваіх дзяцей самой. Ягор грашыма наогул не дапамагаў.
Так праз год пасля заканчэння ВНУ, ужо 27-гадовая Алеся з дзецьмі пераехала ў Мінск, каб пачаць будаваць кар’еру і ў перспектыве абзавесціся ўласным жыллём. Яна адразу аддала дзяцей у дзіцячы садок, а сама пачала шукаць працу.
— Наш першы месяц у Мінску я атрымлівала асалоду, па-сапраўднаму адпачывала. Пакуль дзеці былі ў садку, я хадзіла ў парк, каб пазагараць. Прычым я рабіла гэта адна, мне не патрэбная была кампанія, — успамінае Алеся. — Нават пошукі працы не былі цяжарам. Мне вельмі хацелася нарэшце адчуць сябе не толькі маці, але і мець нейкую вагу ў грамадстве. Бо ўвесь дэкрэт я толькі і рабіла, што глядзела з дзецьмі [мультфільм] «Сіні трактар», і мне парадкам надакучыла.
Уладкаваўшыся аператаркай кол-цэнтра, Алеся паступова пачала прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы. Але, як яна цяпер прызнаецца, у той час часам сумавала па мужчынскай увазе, таму праз два гады вырашыла зарэгістравацца на сайце знаёмстваў. Там яна сустрэла Эдуарда.
— Ён прыліп да мяне як смала. Нічога яго не спыніла: ні двое дзяцей, ні нашая розніца ва ўзросце. А я старэйшая за яго на сем гадоў, мне тады ўжо было 29, яму — усяго 22, — удакладняе Алеся. — Мяне ж падкупіла, што ён добра ставіўся да маіх дзяцей, ды і яны яго прынялі. Пажаніліся мы праз два гады адносін, Эдзік настаяў на гэтым. Нельга сказаць, што ён стаў маім дзецям проста бацькам, які бавіў бы з імі час, гуляў, укладваўся ў выхаванне. Але Эдзік усё ж стараўся клапаціцца пра іх: на мора з’ездзіць ці нешта ім купіць — з гэтым ніколі не ўзнікала пытанняў.
Алеся ўспамінае, што яшчэ да шлюбу яна казала Эдуарду, што больш не хоча дзяцей. Але заўсёды здавалася, што таго гэта «нібыта задавальняла».
— На чацвёрты год шлюбу Эдзік пачаў усё часцей заводзіць размовы пра тое, што яму заўсёды хацелася мець дачку. І што калі я яму нараджу, то ён будзе з ёй гуляць, клапаціцца. Як цяпер памятаю, як ён казаў: «Мне толькі адно дзіця сваё хочацца, больш не трэба», — расказвае Алеся. — Гэта ж ён праспяваў і сваім бацькам, і нашым сябрам, таму да ўгавораў падключыліся ўсе. Шчыра, мне не хацелася зноў у дэкрэт. На працы я ўжо была намесніцай начальніка, і ў маіх планах было расці далей. Але прысутнічала ілюзія стабільнасці, бо ў мяне ўжо была кватэра ва ўласнасці: дапамаглі сваякі, былі назапашванні, падпрацоўкі. Так абяцанні Эдзіка мяне пераканалі.
«Гэта наступства маёй неразважлівасці»
У 35 гадоў Алеся зацяжарала трэці раз. Жанчына прызнаецца: цяжарнасць была азмрочаная пастаяннымі канфліктамі з мужам. Часам яна сама не разумела, чаму яны лаюцца.
— Нагодай станавілася любая дробязь: паход у краму, жаданне пайсці пагуляць разам, мае просьбы адвезці на працу, бо ў першым трыместры мяне жудасна загодвала ў транспарце, — успамінае Алеся. — Муж пастаянна спісваў усё на мае «гармоны цяжарных» і пераконваў мяне ў гэтым. Дзіўна, але я яму верыла. Хоць, як выявілася, дарма. На дзявятым месяцы мне прыснілася, што ў мужа ёсць каханка. Назаўтра я вырашыла праверыць яго тэлефон, і мой сон аказаўся праўдай. Эдзік пачаў здраджваць яшчэ ў першыя месяцы маёй цяжарнасці.
Алеся адразу ж «без ваганняў падала на развод». А Эдуард не спрачаўся з жаданнем жонкі і «проста пераехаў да каханкі».
— Пыняць сам факт разводу мне было дастаткова проста. Больш за ўсё мяне прыгнятала ўсведамленне таго, што цяпер сапраўды давядзецца зноў паставіць сваё жыццё на паўзу. Літаральна адкаціцца больш чым на дзесяць гадоў назад, калі я засталася адна з дзіцем на руках і без дапамогі мужа, — кажа Алеся. — Ёсць жанчыны, для якіх быць маці — пакліканне, гэта частка іх. Для мяне ж гэта наступства маёй неразважлівасці, хоць я і люблю сваіх дзяцей.
На нервовай глебе Алеся, усё яшчэ цяжарная, за два тыдні схуднела на тры кілаграмы, бо ў яе знік апетыт. Як успамінае суразмоўніца, у выніку з радзільні яна выйшла на пяць кілаграмаў лягчэйшай, чым была да цяжарнасці.
— У дзень выпіскі я даведалася, што Эдзік ужо канчаткова перавёз свае рэчы да каханкі, і нават была радая гэтаму. Але ўжо праз тыдзень я зразумела, што не змагу цягнуць траіх дзяцей адна, тым больш набліжаўся новы навучальны год, і трэба было збіраць старэйшых у школу, — расказвае Алеся. — Давялося пераступіць праз гонар і папрасіць Эдуарда забіраць часам дачку ў дом яго каханкі. Месцамі мне нават было смешна ад абсурднасці ўсёй сітуацыі, але так я магла хаця б трохі выдыхнуць. Свае пачуцці даводзілася засоўваць глыбей, бо іншай дапамогі з малой не прадбачылася.
Цяпер малодшай дачцэ Алесі восем месяцаў. Як прызнаецца жанчына, яна ўжо «ўлілася ў дэкрэтны рэжым, фізічна гэта ўжо не так складана, як было ў першыя месяцы», але Алесі складаней менавіта маральна. Яна спрабуе не паказваць старэйшым дзецям сваёй стомленасці і «часам прыгнечанага настрою», каб не хваляваць іх.
— Я разумею, што мне трэба пратрымацца яшчэ год, а там аддам дачку ў садок і выйду на працу. Можна сказаць, паціху пачну жыць, хоць у гэта не асабліва верыцца. Бо з нараджэннем малодшай літаральна ўсе хобі і захапленні давялося адкласці на потым: паходы ў кіно, трэнажорную залу, музыку, — пералічвае Алеся. — Я на нервах ад разводу купіла сабе сінтэзатар, каб адцягвацца, але ў мяне не атрымліваецца надаваць інструменту шмат часу. Усё ж вымушаная прызнаць, што дзеці і пасля выхаду з дэкрэту будуць забіраць большую частку майго часу, які я магла б прысвяціць уласнаму развіццю.
Алеся прызнаецца, што, нягледзячы на ўсе складанасці, яна не адчайваецца і «працуе з тым, што ўжо ёсць». Напрыклад, гэтай восенню яна плануе зноў пачаць хадзіць з дзецьмі на плаванне, як гэта было раней. А праз некалькі гадоў Алеся думае заняцца боксам «для сябе».
— Яшчэ я хачу змяніць працу і паспрабаваць сябе ў якасці праграмісткі. Мяне чамусьці вельмі вабіць гэтая спецыяльнасць, але трэба знайсці час, каб прайсці курсы, — расказвае суразмоўніца. — Калі малодшая падрасце, хачу вярнуць у нашае жыццё падарожжы. Са старэйшымі я апошні раз была на моры яшчэ да яе нараджэння, то-бок два гады таму. Цяпер трэба прадумаць, як паляцець на адпачынак ужо ўчатырох. Але гэта пакуль толькі думкі, выразнага плану няма.
А вось пра што Алеся ўжо «нават і не думае» — гэта новыя рамантычныя адносіны.
— І гэта не таму, што я не хацела б. Тут хутчэй пытанне, каму я патрэбная са сваімі трыма дзецьмі і двума разводамі… Мне здаецца, што звычайная поўная сям’я — гэта недасяжнае для мяне паняцце, — заключае Алеся.
Чытайце таксама












