Прарасійскага блогера і актывіста Міхаіла Юспу запрасілі на размову ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Пра гэта ён расказаў у сваім тэлеграм-канале.
Пракрамлёўскі палітолаг расказаў, што 7 красавіка яму патэлефанавалі з ГУБАЗіК і «запрасілі заўтра зайсці на гутарку з нагоды напісанай на мяне пакуль не агучанай асобай заявы».
«Не ведаў, што гэта падраздзяленне Міністэрства ўнутраных справаў праводзіць праверкі па даносах палітычнага характару», — напісаў Міхаіл Юспа.
Хто гэта
Міхаіл Юспа называе сябе «палітолагам, ідэолагам, міжнароднікам і навуковым супрацоўнікам». На яго тэлеграм-канал падпісаны 721 чалавек (звесткі на 8 красавіка 2026 года). У ім ён рэгулярна размяшчае пасты, якія крытыкуюць ініцыятывы па прасоўванні беларускай мовы і культуры. Публікацыі з яго тэлеграм-канала размяшчаюць на сваіх рэсурсах іншыя прарасійскія актывісты.
За плячыма Юспы — дыплом факультэта міжнародных адносін БДУ, а таксама праца намеснікам начальніка цэнтра прасоўвання адукацыйных паслуг БДУІР і навуковым супрацоўнікам кафедры філасофіі і метадалогіі ўніверсітэцкай адукацыі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.
Як пісала «Наша Ніва», у лютым 2019 года Юспа зарэгістраваў тры моладзевыя арганізацыі — Федэрацыю сёрфінгу і кайтспорту, Федэрацыю вулічнага спорту і Федэрацыю камп’ютарнага і рабатызаванага спорту. Дзейнасць першых двух была прыпыненая ў 2024 годзе.
У 2025 годзе Юспа ў якасці чальца праўлення Міжнароднай грамадскай
арганізацыі «Братэрства беларусаў і расіян» выступаў з дакладам пра ўзаемасувязь інфармацыйнай бяспекі і калектыўнага сімвалічнага капіталу ў разрэзе памылак у стратэгіі СМІ. Мерапрыемства прайшло ў акупаваным расійскімі войскамі Марыупалі.




